ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)